Рэліз пад працоўнай назвай "Зацменны блюз", у які ўвойдзе 10 трэкаў, стане 9-ым альбомам у дыскаграфіі "Крамы".
"Мы верым, што ўсе мы - адна вялікая сям'я, і гэты альбом мы хочам запісаць разам. Таму запускаем краўдфандынг-кампанію ў яго падтрымку, якая дазволіць кожнаму слухачу спрычыніцца да нараджэння новага альбома. Будзь разам з намі!"
"Крама" - легендарны беларускі рок-гурт, створаны ў 1991 годзе на чале з Ігарам Варашкевічам, які да гэтага, з 1980 года з'яўляўся лідарам гурта "Бонда". За 28 год свайго існавання гурт паспеў выдаць 8 паўнафарматных альбомаў, паўдзельнічаць у больш чым 15 складанках і супольных праектах, перажыць некалькі зменаў складу і негалосную забарону. Выконвае класічны рок.
Уладальнікі вялікай "Рок-кароны" 1994 і неаднаразовыя пераможцы "Рок-каранацыі" ў намінацыях «За вернасьць жанру», «Традыцыі ды сучаснасьць», «Лепшы альбом» (альбом «Хавайся ў бульбу», 2001), «Блюз-рок выканаўца», прэміі Rock Profi «За ўнёсак» (2014).