Ліцвіны гвардыі Напалеона


16 лістапада 2017 года ў 16:30 у інфармацыйна-выставачным цэнтры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, першы паверх, п. 110) адбудзецца прэзентацыя кнігі Уладзіміра Лякіна “Ліцвіны гвардыі Напалеона”, якая пабачыла свет у 2017 годзе ў выдавецтве “Тэхналогія”.

Ліцвіны гвардыі Напалеона


Кніга знаёміць чытачоў з малавядомай старонкай айчыннай гісторыі. Яна апавядае пра ўдзел нашых продкаў у 1807–1815 гадах у элітных фармаваннях французскай арміі – гвардыі Напалеона. Яны апынуліся ў адным шыхце пад Імператарскімі арламі з мэтай: вярнуць незалежнасць радзіме. Іх бліскучыя перамогі пад Самасьерай, Эслінгам, Ваграмам ды ў іншых бітвах цалкам апраўдваюць словы Напалеона: “Вы вартыя маёй Старой гвардыі! Вы – найлепшая кавалерыя!”

Рухаючыся следам за аўтарам, чытачы трапяць не толькі на палі бітваў у Іспаніі, Расіі, Германіі, Францыі, але і на велічныя парады, пазнаёмяцца са штодзённым жыццём і падрыхтоўкай кавалерыстаў, іх зброяй, дачыненнямі з вядомымі французскімі камандзірамі і баявымі сябрамі.

У дадатку змешчаны кароткія біяграфічныя звесткі пра больш за тысячу нашых суайчыннікаў-гвардзейцаў. Шмат хто з дапытлівых чытачоў пазнае сярод іх сваіх  прадзедаў.

Незадоўга да сваёй смерці на выспе Святой Алены Напалеон неяк выказаўся: “Трэба напісаць гісторыю маёй гвардыі. Гэтая кніга будзе вечным помнікам, узведзеным у гонар адважных, кім больш за ўсё павінна ганарыцца Францыя”. За два мінулых стагоддзя такіх кніг з’явілася нямала, але даследаванняў па замежных фармаваннях у складзе гвардыі Напалеона адзінкі. Кніга У. Лякіна з’яўляецца першым на беларускай мове выданнем пра нараджэнцаў Вялікага Княства Літоўскага, якія служылі ў гвардзейскай кавалерыі Напалеона.

У імпрэзе прымуць удзел аўтар Уладзімір Лякін, рэдактар выдання Дзіяна Селях, фундатар Уладзімір Бржэскі, гісторык Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім, Прадстаўнікі пасольстваў Французскай Рэспублікі і Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь.

Кантактная інфармацыя:

+ 375 29 6 528 038 Вольга Панасіна, Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі

Поделись с друзьями:


Раздел заполняется